Падрыхтаванае на падставе: Іван Шамякін, Петраград — Брэст. Гістарычны раман; Школьная бібліятэка. — Мінск: Беларусь, 1991. — 486 с.
Copyright No 2015 by Kamunikat.org
Прадмова
Іван Шамякін ужо даўно вядомы як пісьменнік сучаснай тэмы. Яго раманы «У добры час», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль» узнімалі самыя вострыя праблемы дня, уцягвалі чытачоў у спрэчкі, хвалявалі сваёй актуальнасцю, надзённасцю, смеласцю пастаноўкі важных, злабадзённых праблем.
Але нават у творах на сучасную тэму І. Шамякін не раз спрабаваў спалучыць сучаснае і мінулае, будаваў твор на перасячэнні двух часовых пластоў. Адзін з іх — сучаснасць, другі — наша нядаўняя гісторыя, гады Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменніку хацелася асэнсаваць перажытае, падзяліцца сваімі ўражаннямі, думкамі пра тое, чаму ён быў сведкам у суровыя гады вайны. Прызваны ў армію ў 1940 годзе, ён ваяваў у зенітных часцях на Поўначы, пазней удзельнічаў у вызваленні Польшчы і ў баях на Одэры.
Першыя яго спробы адлюстраваць убачанае ў мастацкім слове — апавяданні «У дзень перамогі», «Браты», «Бацька», «На знаёмых шляхах», а таксама аповесць «Помста» былі напісаны па свежых слядах падзей, у 1945-1947 гадах.
А потым Івана Шамякіна зацікавіла тэма партызанскай барацьбы ў тыле ворага і ён, не маючы магчымасці абаперціся на ўласныя ўражанні, шукаў сюжэт для новага твора ў архівах, выкарыстоўваў успаміны былых партызан. Першы раман «Глыбокая плынь», адзначаны ў 1951 годзе Дзяржаўнай прэміяй СССР, напісаны на свежым тады, але ўжо гістарычным матэрыяле. У аснову яго пакладзена дзейнасць партызанскай брыгады на тэрыторыі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.
І ў далейшай сваёй творчасці Іван Шамякін працягвае распрацоўваць сюжэты з мінулага, грунтуючыся не толькі на ўласных успамінах, але і на дакументальных матэрыялах. Сабраныя ім сведчанні аб падпольнай барацьбе, уражанні ад гутарак з вядомымі арганізатарамі падполля ў Беларусі ляглі ў аснову аповесцей «Шлюбная ноч», «Гандлярка і паэт». У прадмове да гэтых твораў Андрэй Макаёнак надзвычай выразна вызначыў, што значыла для Івана Шамякіна яго вяртанне да тэмы вайны: «Эмацыянальная памяць выхоплівае з мінулага падзеі і факты, якія ў свой час уразілі ўяўленне мастака. І зараз, праз многа год, жывуць у душы трапяткія адносіны да гераічных учынкаў людзей і нязгасная патрэбнасць апавядаць, расказаць з любоўю і горыччу не толькі пра слаўныя падзеі незабыўнага мінулага, але і пра свае шматгадовыя роздумы. І ў гэтым праяўляецца не толькі грамадзянскі абавязак, але і гуманістычная сутнасць савецкага пісьменніка, сведкі і ўдзельніка ўсенароднай вайны супраць фашызму».
Патрэбнасць апавядаць пра мінулае... Яна павяла пісьменніка ад гадоў Вялікай Айчыннай вайны ў больш даўні час, да самага пачатку гісторыі нашай сацыялістычнай дзяржавы. Кастрычніцкая рэвалюцыя, Уладзімір Ільіч Ленін — зварот да гэтых невычэрпных, высокіх тэм для І. Шамякіна быў не толькі далейшым заглыбленнем у даўняе мінулае, але і новай спробай звязаць былое з сучасным, паказаць, з чаго пачыналася Савецкая ўлада, з якімі цяжкасцямі ўдалося яе адстаяць у тыя часы.
У яго аповесцях «Першы генерал», «Эшалон прайшоў», «Браняпоезд "Таварыш Ленін"», у апавяданнях «Матрос з "Алега"», «Хлеб» Ленін часцей за ўсё паказваецца ва ўспрыманні людзей, якім давялося бачыць правадыра, гутарыць з ім, выконваць яго даручэнні. Як сведчыць сам пісьменнік, гэтыя творы аб'яднаны тэмай «Ленін у лёсах людзей».
Гучыцць яна і ў рамане «Петраград — Брэст», прысвечаным цяжкім, трагічным эпізодам з гісторыі заключэння Брэсцкага міру ў першыя месяцы існавання Савецкай улады. Аўтар назваў яго гістарычным раманам. І гэта сапраўды шырокамаштабнае гістарычнае палатно, заснаванае на сапраўдных падзеях, пацверджаных шматлікімі дакументальнымі матэрыяламі. Глыбокая дасведчанасць ва ўсім, што звязана з сюжэтам твора, дазволіла І. Шамякіну выдатна перадаць атмасферу часу, гістарычны фон падзей, якія разгортваюцца ў рамане.
А дзейнічаюць тут як рэальныя гістарычныя асобы — Ленін, Троцкі, Бухарын, Сталін і іншыя, так і літаратурныя персанажы, створаныя ўяўленнем пісьменніка,— Багуновіч, Міра, Рудкоўскі, Пастушэнка... І падзеі разгортваюцца ў двух планах: дакументальна-мастацкі паказ эпізодаў, звязаных з барацьбой У. І. Леніна за падпісанне міру з Германіяй, спалучаецца з сюжэтнай лініяй «выдуманых» герояў — тых, хто супрацьстаіць войскам кайзераўскай Германіі на граніцы, якая праходзіць па шматпакутнай беларускай зямлі. Абедзве лініі перасякаюцца толькі ў фінале. Але колькі ні пераключаецца ўвага чытача ад падзей у Петраградзе да таго, што адбываецца ў акопах, паміж імі не перарываецца шчапленне, увесь час існуе нябачнае сілавое поле. Яно і ў маральным супрацьстаянні Леніна з Троцкім, з «левай апазіцыяй», і ў барацьбе думак, уяўленняў пра рэвалюцыю, пра яе будучае Багушэвіча і Міры, Рудкоўскага, Бульбы-Любецкага. А ў самым высокім сэнсе — у залежнасці ад таго, які паварот прымуць падзеі,— будучае Савецкай рэспублікі, справы рэвалюцыі і лёс дзеючых асоб твора.
Раман напісаны ў канцы 70-х гадоў, часопісная публікацыя яго з'явілася ў 1981 годзе. Тым, хто пазнаёміцца з гэтым творам цяпер, пасля глыбокіх, карэнных змен у жыцці нашага грамадства, нешта ў разгорнутай І. Шамякіным панараме падзей, звязаных з падпісаннем Брэсцкага міру, можа здацца занадта прамалінейным, згладжаным, недагавораным. Не заклікаючы мераць раман меркамі «эпохі застою», нельга не прыгадаць усё ж, што гэты твор быў смелым крокам наперад у адлюстраванні падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі, першых месяцаў існавання Савецкай улады. Колькі мы ведаем кінафільмаў, п'ес, аповесцей пра Кастрычнік, у якіх нідзе не называюцца прозвішчы Троцкага, Бухарына, Зіноўева, Каменева і іншых палітычных дзеячаў. У гады «сталіншчыны» і пазней яны былі, можна сказаць, выкраслены з гісторыі.
У рамане «Петраград — Брэст» не толькі гістарычна дакладна, праўдзіва паказана ўся складанасць становішча ў ЦК партыі па пытанню аб вайне і міры ў студзені — лютым 1918 года, але і выведзены ўсе тыя гістарычныя асобы, якія ўдзельнічалі ў падзеях. Драматызм, напружанасць у паказе барацьбы Леніна з Троцкім і яго прыхільнікамі, з «левай апазіцыяй» не згладзіліся, не паслабіліся і ў святле таго новага, што увайшло ў нашу свядомасць пасля публікацыі многіх матэрыялаў, раней невядомых. Можа быць, вобразы Сталіна, Бухарына сёння выглядаюць з мастацкага боку больш бледнымі, псіхалагічна збедненымі, чым гэта бачылася нам раней, але іх удзел у падзеях, звязаных з Брэсцкім мірам, іх учынкі гісторыкамі і сёння ацэньваюцца гэтак жа, як і раней. Раман вытрымлівае выпрабаванне часам. Адным са сведчанняў гэтаму — публікацыя твора без змен, дапаўненняў і пераробак у «Раман-газеце» у 1986 годзе.
У пасляслоўі да гэтага выдання рамана Ул. Сямёнаў так ацаніў уклад Івана Шамякіна ва ўсесаюзную літаратурную Ленініяну: «Упершыню ў нашай мастацкай літаратуры І. Шамякін даў такую пераканаўчую і разгорнутую карціну барацьбы Леніна супраць правакацыйнай лініі Троцкага. Яе выкрыццё было тым больш неабходным, што вопытны інтрыган мог у патрэбны момант адступіць за кулісы, высунуць кідкі лозунг, які нічога не гаварыў, але даваў апазіцыі «платформу» для новага беспрынцыпнага аб'яднання супраць Леніна. Пісьменнік спрабуе пранікнуць у самы ход ленінскай думкі, накіраванай на абарону заваёў народа. Ён паказвае, якая напружаная работа стаіць за кожным радком чарговага артыкула, выступлення правадыра рэвалюцыі».
Вобраз Леніна выпісаны ў рамане з асаблівай глыбінёй. Пісьменнік не абыходзіцца без таго, каб паказаць Леніна-чалавека ў побыце, у размовах з роднымі, у жыццёвых клопатах. Але галоўная ўвага канцэнтруецца на асобе Леніна — кіраўніка, Леніна — правадыра, палітыка, дыпламата. І. Шамякін шырока скарыстоўвае дакументальныя матэрыялы таго часу, вытрымкі з ленінскіх работ, звесткі з біяграфічнай хронікі Леніна, пратаколы пасяджэнняў Саўнаркома, і перад намі разгортваецца драматычная старонка з гісторыі Савецкай дзяржавы. У цэнтры ўвагі аўтара — барацьба Леніна за мірны дагавор з Германіяй, які даў бы час для перадышкі, для ўмацавання заваёў рэвалюцыі. Становішча складвалася напружанае. Далёка не ўсе ў ЦК былі на баку Леніна ў гэтым пытанні, ён нават рызыкаваў аказацца ў меншасці ў барацьбе з «левай апазіцыяй». Не разумеючы складанасці абставін, яна ўскладала надзеі на «сусветную рэвалюцыю», на дапамогу рабочага класа капіталістычных краін Захаду.
Галоўным апанентам Леніна ў пытанні аб міры з Германіяй выступае Троцкі. І. Шамякін звяртаецца да яго біяграфіі, паказвае ў эпізодах на перагаворах з немцамі ў Брэст-Літоўску, на пасяджэннях Саўнаркома. Перад намі паўстае фігура складаная, супярэчлівая. Дзякуючы гэтаму і ўвесь ход падзей, звязаных з барацьбой Леніна з лініяй Троцкага і «левых» на зрыў перагавораў, паказаны ва ўсім драматызме, напружанні. Ленін перамагае спрактыкаванага, вопытнага і ўпартага праціўніка. І гэтая перамога геніяльнага прадбачання, логікі, непахіснай перакананасці і волі пададзена пісьменнікам ва ўсёй паўнаце гістарычнай праўды і мастацкай вобразнасці.
Паралельна з падзеямі, апісваючы якія І. Шамякін грунтаваўся на рэальных фактах з гісторыі, разгортваюцца ў рамане і эпізоды, дзе фантазію мастака не стрымлівала неабходнасць вывяраць факты па дакументах. Але і тут аўтар выдатна стварае гістарычны фон, ды і логіка думак, паводзін «выдуманых» персанажаў псіхалагічна адпавядае таму, што магло б кіраваць імі ў іх учынках. Вось Сяргей Багуновіч, які хаця і не стаў яшчэ бальшавіком, але ў адпаведнасці са сваім жыццёвым вопытам, ведамі свядома стаў прыхільнікам ленінскай лініі ў пытаннях аб стварэнні арміі новага тыпу для абароны Рэспублікі Саветаў, аб неабходнасці дысцыпліны, пільнасці, уліку рэальных абставін.
Вось палымяная агітатарка Міра, якая слепа ўспрыняла ідэі «левых» аб «сусветнай рэвалюцыі» і спадзявалася, што можна спыніць наступленне немцаў, звярнуўшыся да іх свядомасці. Яе перакананняў не пахіснула нават сустрэча з Троцкім, пасля якой яна інстынктыўна адчула нешта фальшывае, няшчырае ў паводзінах і словах таго, каму яна так безаглядна верыла. І яна гіне, спрабуючы спыніць ланцуг нямецкіх войск, сваёй смерцю нібы паказаўшы, да чаго прывяла б вера ў памылковыя, нерэалістычныя ідэі.
Сяргей Багуновіч прайшоў праз усе выпрабаванні лёсу, наканаваныя яму ў гэтыя цяжкія першыя месяцы 1918 года, і ў фінале мы бачым яго на IV Надзвычайным з'ездзе Саветаў, на якім быў ратыфікаваны мірны дагавор.
Напачатку можа здацца толькі сімвалічным тое, што дзеянне многіх эпізодаў рамана разгортваецца на беларускай зямлі. Але ўсё ж сувязь вялікіх гістарычных падзей увесь час адчуваецца. На вобразах кіраўніка камуны Антона Рудкоўскага, Стасі, ды і самога Сяргея Багуновіча аўтар паказвае, што гістарычны лёс беларускага народа вырашаўся ў складаных умовах і што надзеі на лепшае будучае ён звязваў з ідэямі, народжанымі Кастрычнікам.
Раман «Петраград — Брэст», як і папярэднія творы Івана Шамякіна, напісаны займальна, лёгка чытаецца. Дынамічны, насычаны падзеямі сюжэт увесь час трымае чытача ў напружанні. Эпізоды, звязаныя з барацьбой за Брэсцкі мір, чытаюцца не з меншай цікавасцю, чым тыя, што адбываюцца на беларускай зямлі, на адным з участкаў фронту. І. Шамякіну ўдалося арганічна звязаць вымысел і гістарычны факт, натуральна, псіхалагічна пераканаўча паказаць усіх сваіх герояў, ад вядомых дзяржаўных і палітычных дзеячаў да салдат, сялян-камунараў. «Петраград — Брэст» — гэта яшчэ адна, дагэтуль мала асветленая ў мастацкай літаратуры старонка з нашай гісторыі, новае слова ў беларускай Ленініяне.
Міхась Кенька
Частка першая
ПЕРАМІР'Е
Раздзел першы. ЗАСНЕЖАНЫЯ АКОПЫ
1
Багуновіч і Міра адсталі ад салдат, салдаты далёка апярэдзілі іх і былі ўжо блізка ад сваіх пазіцый.
Багуновіч не пайшоў проста, па іх слядах, ён зрабіў паўкруг і прыціснуўся да маладога сасонніку.
Міра пасміхнулася, але змаўчала. Ёй здалося, што Сяргей хоча сасоннікам прыкрыць ад ветру яе. Гэта кранула. Яна ўжо знала, з якой проста-такі рыцарскай клапатлівасцю ён ахоўвае яе ад прастуды, ад холаду, ад салдацкай грубасці. Дзівак, думае, што яна такая аранжарэйная. Часам яна кпіла з яго «дваранскіх вымудраў».
А вецер сапраўды нечакана, за якую гадзіну-дзве, змяніў кірунак і зрабіўся марозны, жорсткі. Калі раніцой ішлі туды, да немцаў, вецер быў заходні, мяккі, вільготны, два дні стаяла адліга. А цяпер вецер паўночны, бадай, паўночна-ўсходні ўжо. Адразу зашэрх снег пад нагамі, і па шарпаку папаўзлі сіняватыя змейкі. Яны закручваліся вакол ботаў, а потым, здавалася, працінаючы боты, штаны, паўзлі пад шынялём да спіны, да грудзей. Сяргей адчуў, як захаладала яго шыя, і падумаў пра Міру: легкавата адзета, трэба ўсё-такі выпісаць са склада афіцэрскі кажушок і перашыць ёй. Да д'ябла ўсе ўмоўнасці — хто што скажа! Няхай гавораць. Але ці сама Міра надзене такі кажушок? Толькі салдацкі шынель, салдацкія боты — і ніякага буржуазнага адзення! Была ўжо ў іх размова на гэтую тэму. Даволі бурная. Ён даводзіў, што жанчына павінна ва ўсім заставацца жанчынай і адзявацца адпаведна сваёй прыродзе. Яна адказвала, што ў ім моцна сядзяць буржуазна-мяшчанскія забабоны. Пасварыліся. Пасварыліся, каб потым памірыцца. Гэты мір, дзе яна пераставала быць салдатам, партыйным агітатарам, а рабілася звычайнай дзяўчынай... жанчынай, добрай, ласкавай, пяшчотнай, ап'янелай ад кахання,— гота давала яму гадзіны найвялікшага шчасця — таго, пра якое тут, на вайне, ён нават не адважваўся марыць. За тры з палавінай гады акопнага жыцця, здавалася яму, ўсё ў ім зачарсцвела, душа пакрылася брыдкімі гнойнымі струпамі. Цяпер ён радаваўся, што ўсё так адразу ачысцілася і ён у свае дваццаць сем гадоў стаў тым жа рамантычным, узнёслым студэнтам, які ў пачатку вайны сам папрасіўся на фронт. Міра сказала, што яго ачысціла рэвалюцыя. Але, вайна і рэвалюцыя ачысцілі яго, інтэлігента, афіцэра, ад шмат якіх саслоўных, класавых забабонаў, хоць і тады, у чатырнаццатым, ён ішоў ваяваць не за цара — за народ, за айчыну. Народу ён служыць і цяпер. Бальшавіцкі ўрад даверыў яму, беспартыйнаму паручніку, полк, салдаты любяць яго...
Аднак які суровы вецер! І сасоннік не засланяе ад яго. Калі ціскануць моцныя марозь!, будзе вельмі туга — з харчамі, з фуражом.
— Апусці вушы!
Міра спынілася, павярнулася да яго. Абпаленыя марозным ветрам, гарэлі яе шчокі, ад ветру заслязіліся вочы і, вялікія, блішчалі, што росныя чорныя слівы, здавалася, яшчэ больш прыпухлі сакавітыя вусны; яна па-дзіцячаму аблізнула іх, вочы яе высахлі і засмяяліся.
— Р-рэвалюцыянер, Сяр-рожа, не можа апускаць вушы.
Ад холаду яе картавасць, з якой ён заўсёды цешыўся, узмацнілася, і грасіраванне такое, можа, як ніколі, падабалася Багуновічу. А што яму магло не падабацца ў ёй? Зрэдку хіба яе прамовы. Не ўсе словы, якія яна гаварыла, здавалася яму, пасавалі да гэтых вуснаў, да гэтага маленькага носіка, росных вачэй.
Ён, выхаваны на Блоку, хацеў бачыць у ёй толькі жанчыну, створаную для кахання, для шчасця, для дзяцей. У абліччы яе хіба адно не падабалася — што яна пастрыжаная. Але Міра паабяцала, што больш гэтага рабіць не будзе. А так... ні салдацкая шапка з чорнай аўчыны, ні шынель не псуюць яе чароўнасці. А адзіная жаночая рэч — чырвоны шалік, што выбіваецца з-пад каўняра,— аздабляе ўсю грубую напратку, ператварае яе на гэтай маленькай дзяўчыне ў адзенне прынцэсы.
Каб яна дазволіла, ён узяў бы яе на рукі, пад свой шынель, сагрэў бы, як дзіця, і панёс... панёс бы па гэтым заснежаным полі — далей ад пазіцый, ад вайны... Але такую вольнасць яна дазваляе толькі там, на станцыі, у іх пакойчыку...
Багуновіч азірнуўся назад, дзе засталіся нямецкія пазіцыі. Выступ сасонніку закрыў іх. Камандзір з палёгкай уздыхнуў. Ці прызнаецца калі-небудзь ёй, чаму зрабіў такую пятлю, хутчэй схаваўся за сасоннік? Не, у гэтым, відаць, нельга прызнацца. Гэта — нервы. Ніколі не быў баязліўцам, а тут раптам спалохаўся. Гэта немагчыма растлумачыць. Заключана перамір'е, паміж салдатамі ідзе братанне, немцы прыходзяць да іх, яны — да немцаў. Праўда, ён пайшоў упершыню пад выглядам салдата — вельмі хацелася глянуць на іх пазіцыі вокам камандзіра. Глянуў. І калі іх вывелі за лінію пярэдніх акопаў, яго апанавала жудаснае адчуванне, што ў спіны ім нацэлены кулямёты з хітра замаскіраваных гнёздаў і кулямёты гэтыя вось-вось плюнуць гарачым свінцом. Чацвёрты год ваюе, у штыкавыя атакі хадзіў, у разведку — ніколі такога не адчуваў. Ажно захаладала ўсё ўсяродку, быццам вецер гэты працяў наскрозь. За каго так баяўся? За сябе? За салдат? Перш за ўсё — за яе. За гэтую дзяўчынку, агітатара, перакладчыка, якая ўсё робіць з дзіцячай верай. Але ж яна не першы раз пайшла туды, на варожы бок. Дзеля гэтага яе і прыслалі да іх — весці агітацыю сярод нямецкіх салдат, узнімаць іх на рэвалюцыю. Пасля таго, як яны сышліся, ён хваляваўся за кожны яе паход. Але ж не так. Што з ім стала? Ён ішоў следам, каб прыкрыць яе сабой, хоць разумеў, што гэта наіўна: не салдат яна, не ўпадзе на зямлю, пачуўшы стрэлы, азірнецца і... кінецца да яго, прашытага кулямі...
Замірала сэрца ад уяўлення, як Міра падхопіць яго, смяртэльна параненага, на свае маленькія, але дужыя ручкі, і тут жа ад жаху — што, забіты, ён не загародзіць яе сабой.
Сяргей яшчэ раз азірнуўся. Дзякуй богу, сектар абстрэлу закрыў сасоннік, цяпер іх не бачыць ніводзін кулямётчык, ніводзін стралок. Ён наблізіўся да Міры і апусціў навушнікі яе шапкі, закрыў пасмачкі яе бліскуча-антрацытных падстрыжаных кос, маленькія, пабялелыя ад марозу вушы. І паправіў шалік, бо ён збіўся і агалілася тоненькая, дзіцячая яшчэ, смуглая, як пасля нядаўняга загару, шыя.
— Дрэнны той рэвалюцыянер, які адмарозіць сабе вушы.
Міра засмяялася і ўскінула свае рукі ў прадзіраўленых вязаных пальчатках яму на плечы, на цёмныя плямы ад былых пагонаў. Ён, Сяргей, звяртаў увагу раней, што шалік робіць яе цывільнай, пальчаткі яна рэдка надзявала, і ён так блізка ўбачыў іх упершыню, яны ўразілі яго сапраўды такі незвычайнай цывільнасцю і мірнасцю. Яны — рэч другога свету, які ён толькі сніў. Такія пальчаткі вязалі маці яго і сястра. Яны — блізка, у апошні год, пасля Лютаўскай рэвалюцыі, ён колькі разоў быў у Мінску, але жыццё іх здавалася недасягальна далёкім. Толькі Міра, з'яўленне яе вярнулі яго ў тое мірнае жыццё. Ніколі за ўсю вайну ён так не думаў пра мір, так не прагнуў яго. Ён, атэіст, пачаў прымхліва верыць, што нейкая вышэйшая сіла дала яму за ўсе яго пакуты гэтую радасць — пакахаць дзяўчыну, у якой нават імя мае агульны корань са словам, што стала сімвалам шчасця. Ды хіба толькі яго? Ах, каб наступіў мір! Каб не халадзела спіна ад адчування дулаў нямецкіх кулямётаў!
Сяргей нахіліўся і пацалаваў Міру ў пульхныя і — дзіўна! — не халодныя, гарачыя вусны.
— Слаўная мая... Як я люблю цябе!
Яна засмяялася і адхілілася.
— Салдаты ўбачаць.
— Няхай бачаць.
— О, ты не баішся, што падумаюць пра свайго камандзіра? Не баішся за свой аўтарытэт? Завёў шуры-муры...
— Не мялі глупства. Ты — мая жонка.
— «Мая, мая»... Ты — феадал. Буржуй. Прыватнік. Рэвалюцыя знішчыць гэтае разуменне — «твой, мой». Усё будзе наша.
— І жонкі? І мужы?
Міра зноў засмяялася.
Была ўжо ў іх размова на гэтую тэму, якая пачалася быццам жартам, а скончылася сваркай. Неяк у іх цёплым пакойчыку ў кватэры начальніка станцыі пасля хвілін кахання і блізкасці яна пачала даводзіць, што рэвалюцыя разам з іншымі феадальна-буржуазнымі інстытутамі знішчыць і сям'ю, у эру свабоды і роўнасці ўсё свабоднае, у тым ліку і любоў таксама будзе свабодная. Яе ультрарэвалюцыйныя фантазіі часта цешылі яго, як дзіцячыя забаўкі, дзіцячая гарэзлівасць. Ён, абпалены вайной да самага нутра, лічыў сябе, па меншай меры, у два разы старэйшым, чым быў у сапраўднасці, дзесьці ва ўзросце палкоўніка Пастушэнкі, начальніка штаба, і ён лічыў, што мае права з вышыні свайго вопыту паблажліва, па-бацькоўску, прымаць любыя фантазіі гэтай дзяўчыны, бо непасрэднасць яе давала яшчэ адну радасць, на якую ён забыўся,— вяртанне ў свет дзяцінства. Але яе разважанні пра «свабодную любоў» яму не спадабаліся, яны як бы абражалі яго пачуцці, і — што яшчэ горш — здалося, абражаюць самую яе і... яго маці, і яе маці.
Сяргей холадна сказаў, што яму не хацелася б жыць у такім свабодным свеце, што для яго сям'я, мацярынства — разуменні святыя, што сям'я — гэта найлепшае, што вынайшла чалавецтва ў працэсе сваёй эвалюцыі. Сям'я, што хлеб, што кніга,— такое ж вынаходства, толькі яшчэ больш неабходнае для жыцця, для эвалюцыі. «І для рэвалюцыі»,— заключыў ён.
У Міры пазелянелі вочы; ён ужо хораша ведаў гэтыя зялёныя, як у кошкі, іскры ў вачах. Тады ён паспрабаваў перавесці размову на жарт.
«Ты ведаеш, чым праславіўся наш Мінск у гады рэакцыі? У восьмым ці дзевятым годзе, не помню добра, я яшчэ ў гімназіі быў... у ім была створана «Ліга свабоднай любові». Гэтыя малойчыкі і «свабодныя дзявіцы» так аплёўвалі ўсялякую мараль... кідалі такі выклік грамадству, што, хоць яны ў сваіх палітычных поглядах змыкаліся з чарнасоценцамі, паліцмайстар аддаў загад аб разгоне лігі і аб іх арышце. І гэта быў адзіны выпадак, калі бацька і маці мая ўхвалілі рэпрэсіі супраць моладзі».
Але ў ёй пасяліўся ўжо «чорт», і «чорт» гэты быў бязлітасны, яна рабілася падобнай на таго хлапчука, які захапіў кулямёт і якому абы стрэліць, пакуль не адбяруць,— няважна, куды, у які бок, куды пацэліць. Так «страляла» і яна:
«Твой бацька — царскі служка... суддзя. Ён рэвалюцыянераў судзіў!»
Ён адказаў з ваеннай стрыманасцю, у якой любы салдат адчуў бы пагрозу:
«Мой бацька — адвакат, ён усё жыццё абараняў бедных, пакрыўджаных. Ты не знаеш, што такое сумленны адвакат у земскім судзе».
Напэўна, Міра сапраўды дрэнна ўяўляла ролю адваката, бо неаднойчы ў яе прарывалася непрыязнасць да яго бацькоў, як увогуле да ўсіх інтэлігентаў, проста-такі сапраўды нейкая класавая варожасць, якая яго, інтэлігента, афіцэра, палохала. Адукаваная дзяўчына, гімназію скончыла. Як жа могуць думаць непісьменныя рабочыя, мужыкі?
Паўгадзіны ён ляжаў на ложку, яна сядзела за сталом, накінуўшы на плечы шынель, ускудлачаная яго пацалункамі, натапыраная. Ён прагна курыў і спрабаваў чытаць Чэхава. Яна гартала Карла Маркса на нямецкай мове, як хацела знайсці ў Маркса адказ, пацвярджэнне сваёй непрымірымасці і зваліць гэтага арыстакрата, афіцэрыка марксісцкай цытатай. Але ён бачыў, разумеў, адчуваў, што ёй не да Маркса. Яна Кіпела ад таго, што ён можа ў такі момант чытаць, ды яшчэ каго — Чэхава. Тады яна не прызнавала яшчэ Чэхава, зняважліва кідала: «Абывацель!» Раіла яму чытаць Горкага і Беднага.
Сяргей лічыў сваёй сур'ёзнай перамогай, што прымусіў яе палюбіць Чэхава. Можа, Чэхаў памог ёй так засмяяцца з лухты аб тым, што пры сацыялізме будуць агульныя жонкі і мужы.
Не, хутчэй за ўсё — Дэкрэт аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях... Дэкрэт гэты ён прачытаў у «Известиях» дзён колькі назад і чамусьці вельмі ўзрадаваўся, усё роўна як перамог у нечым надзвычай важным для далейшага лёсу свайго і народа: так радаваўся ён хіба самаму першаму савецкаму дэкрэту — аб міры. Выходзіць, Ленін разумее каханне, сям'ю, адказнасць за дзяцей так, як, бадай, разумелі яго бацькі і сам ён, «кансерватар», як упікала яго Міра.
Ён прынёс дэкрэт Міры. З далікатнасцю разумнага педагога не тыцнуў, як кажуць, яе носам, не нагадаў нават нядаўнюю спрэчку, але не без задавальнення назіраў, як доўга і ўваясліва чытала яна дэкрэт. Зрабілася ў той вечар сур'ёзнай, і ён, як дарагую рэч, ахоўваў гэтую яе сур'ёзнасць.
І як гэта хораша — дараваць ёй асобныя яе слабасці, любыя капрызы... За такія вочы! За такія вусны! Хіба яму незразумелыя гэтыя наіўныя, амаль дзіцячыя яшчэ няроўнасці яе характару?!
— Ты таксама апусці свае навушнікі.
Ён паслухмяна зняў салдацкую шапку, адвярнуў навушнікі.
Мацнеў студзеньскі вецер, мароз кусаў за вушы. Спачатку пабялелыя шчокі яе раптам загарэліся. Але ці ад марозу толькі? Усхваляванасць выдаваў дзіўны бляск у вачах.
— Ты не знаеш, якая я шчаслівая сёння... Я не сказала табе... Ты не бачыў, як яны слухалі мяне... салдаты! Я ж ведаю, што гавару па-нямецку з жахлівым акцэнтам.... У тыя разы... тыя салдаты пасміхаліся... шапталіся паміж сабой... аглядалі мяне, як каты... А гэтыя... Як сур'ёзна яны слухалі... пакуль іх не разагнаў афіцэр... Я ім расказвала пра нашу рэвалюцыю... Пра Дэкрэт аб зямлі... І як яны слухалі, Сярожа! У іх гарэлі вочы. І сціскаліся кулакі... Яны мне сказалі, што ў Берліне і Мюнхене падняліся рабочыя. Мы пра гэта чыталі ў нашых газетах... Але адно — нашы газеты. А другое — вось так, даверліва... паведамляюць нямецкія салдаты... Пачынаецца, Сярожа!
— Што?
— Як — што?— здзівілася Міра.— Рэвалюцыя ў Германіі. Адтуль яна перакінецца ў Францыю, у Англію... Запалае пажар сусветнай рэвалюцыі і змяце кайзераў, міністраў... усіх імперыялістаў... Троны хістаюцца і заўтра паваляцца пад націскам пралетарыяту. Пад абломкамі капіталізму будзе пахавана і гэтая праклятая вайна. І гэта мы... мы пачалі, Сярожа! Мы — застрэльшчыкі і падпальшчыкі сусветнай рэвалюцыі! Мы!
Яны стаялі, і каля іх ног намятала гурбачкі снегу. Ад рэзкіх рухаў у Міры зноў збіўся шалік і агалілася шыя, Багуновіч зноў клапатліва, як у дзіцяці, паправіў шалік і павярнуў самую яе ад ветру, каб, гаворачы, яна не каўтала «ангіннае паветра», якое ўжо моцна астуджана, але яшчэ не высушана марозам, а таму такое зябкае, калючае. Не трэба стаяць ёй на холадзе — і так кашляе. Не трэба гаварыць на ветры. А супраць таго, што ён скажа, яна, безумоўна, запярэчыць, і яны заспрачаюцца, могуць нават пасварыцца, як было ўжо неаднойчы. Але ён таксама быў моцна ўсхваляваны, аднак зусім не тым, чым яна.
— А я ўбачыў іншае...
Міра насцярожылася.
— Я ўбачыў баявую часць. Дарэчы, новую... Па ўмовах перамір'я і немцы, і мы не павінны заменьваць часці на фронце. Мы не заменьваем... ды і не можам. Кім? А яны, выходзіць, заменьваюць. Для чаго? Цябе слухалі ўважліва, бо гэта прызыў другой катэгорыі... старыя людзі... бацькі... Ты ім — дачка. Але гэта добра абучаныя салдаты. І добра ўзброеныя. Я ўбачыў тое, чаго не ўбачыла ты, чалавек цывільны. Гэтыя салдаты, па загаду сваіў афіцэраў, паднімуць нас на штыкі. Сама кажаш: пакуль не разагнаў афіцэр... Але, даволі было з'явіцца афіцэру... Яны выцягваюцца перад кожным унтэрам...
Яе цудоўныя вочы звузіліся і сталі калючымі, нібы гэты вецер, што рэзаў шчаку.
— Ах, як ты сумуеш па тым, што перад табой не выцягваюцца.
— Я сумую не па гэтым, Міра! Я сумую па тым, што з нашых вунь акопаў пярэдняй лініі не высунуўся ніводзін вартавы. Іх няма! А калі перамір'е будзе парушана... калі мірныя перагаворы...
— Ты не верыш у рэвалюцыю! — жорстка перапыніла яго Міра.— Сусветную.
Багуновіч раптам узлаваўся, не ўпершыню яго злавалі гучныя словы пра сусветную рэвалюцыю. Але ў іншых абставінах ён стрымліваўся. А тут, у полі, перад лініяй сваіх пярэдніх акопаў, яўна пакінутых салдатамі, перад гэтай дзяўчынай...
— Не веру! Не веру, што мы з табой распалім яе!
Вочы ў Міры пазелянелі.
— Ты не распаліш. З такімі поглядамі...
— З якімі? Я веру ў нашу рэвалюцыю. І рэвалюцыя даручыла мне ахоўваць яе вось на гэтым участку. А я не знаю, як гэта зрабіць. Няма сілы...
— Не разумею, што трэба рабіць.
— Трэба спыніць нямецкае наступленне, калі яно пачнецца.
— Знаю цябе, як аблупленага. Аднаго не знала — што ты баязлівец і панікёр.
Але сказала яна гэта ўжо без злосці, паблажліва; вочы яе зрабіліся звычайнымі — росныя слівіны,— вочы яе смяяліся. Сяргею зрабілася трохі крыўдна, што яна не разумее яго клопатаў, яго пачуцця адказнасці, каторае здаецца ёй афіцэрскім перажыткам.
Але добра, што яна не пачала «страляць» па-хлапчукоўску. Па сваіх. Бывала, што яна кідала абразлівыя словы за праявы яго скепсісу да яе рэвалюцыйных слоў; на дзіва чуйна лавіла яго скепсіс. І ён апошнім часам асцерагаўся. Але цяпер яму было не да скепсісу, боль душы вырваўся крыкам, і яна, мабыць, зразумела гэта. Дзякуй табе, дзіця!
— Хадзем. А то мы заледзянеем на гэтым вар'яцкім ветры. Я ўсё ж зраблю табе кажушок.
— Яшчэ чаго не хапала! Буржуйскія штучкі!
— А твая ангіна, твой бранхіт — гэта што? Пралетарскія хваробы?
Яна па-хлапчукоўску пагразіла яму маленькім кулачком у дзіравай пальчатцы.
Яны пайшлі далей. Вецер сек у левую шчаку, і ён зайшоў злева, каб хоць трохі прыкрыць яе сабой. Ён загадаў сабе маўчаць, каб яна не адказвала і не хапала марознае паветра слабымі лёгкімі. Але не вытрымаў:
— Магчыма, гэта не абстраляны, нядаўна сфарміраваны полк, але ўзброены ён да зубоў. І вымуштраваны з прускай педантычнасцю. Дзве батарэі высунуты да пярэдняга краю. Навошта? А коні... Ты бачыла іх коней? Кажуць, Германія галадае. Але баявых коней яны кормяць аўсом, не інакш. І гэта правільна. А ў нас і сена няма. Калі мы будзем карміць так сваіх коней, яны не толькі не пацягнуць гарматы... іх саміх трэба будзе цягнуць... Ды што коні? Чым накарміць заўтра людзей? А што мы знаем пра непрыяцеля? Я, камандзір палка, не знаў, што перада мной заменена часць. Мы разбурылі разведку, а немцы вядуць яе па ўсіх правілах. Яны зналі, хто я. Іх афіцэр сказаў па-французску: «Разам з агітатарамі рускія прысылаюць да нас шпіёнаў...» Я не здзівіўся б, каб яны арыштавалі мяне як шпіёна... Не скамарошнічай! Калі ты камандзір палка, не ўбірайся пад салдата...
Міра спынілася, пільна зазірнула яму ў твар, і ў яе вачах, затуманеных слязьмі ад марознага ветру, Сяргей убачыў страх, які бачыў у вачах маці, калі яна праводзіла яго назад, на фронт, пасля чарговай кароткай пабыўкі дома, у Мінску.
— Пастушэнка правільна адгаворваў мяне ад такога паходу... Але вельмі ж хацелася на свае вочы ўбачыць, якія яны цяпер... немцы. Убачыў...
— І спалохаўся?
— Спалохаўся.
Міра паківала галавой, але вочы яе смяяліся.
— Мне застаецца здзіўляцца, як я пакахала такога... Ты знаеш, хто ты?
— Цікава.
— Ты — ні рыба ні мяса. Не контррэвалюцыянер, не рэвалюцыянер...
— Я — патрыёт сваёй айчыны.
— Фу! Ажно нафталінам патыхнула. Як з камоды маёй бабулі.
Багуновічу даўно ўжо было прыкра і крыўдна, што Міра, ды і іншыя бальшавікі, акрамя хіба унтэра Башлыкова, не разумеюць гэтага яго пачуцця, якое пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі завалодала ім з новай сілай і прывяло яго да бальшавікоў, бо ён паверыў, што толькі Ленін можа ўратаваць краіну, якая сцякае крывёю, і шматпакутны, народ былой Расійскай імперыі. Гэтае пачуццё цяпер вылілася ў адно надзвычай моцнае жаданне: не толькі не аддаць немцам больш ні аршына роднай зямлі, але вызваліць і тую, што захоплена імі. Ваеннай сілы няма. Есць толькі адно — мір, ленінскі мір: без кантрыбуцый, анексій, захопу чужой тэрыторыі. Але ці пойдуць немцы на такі мір? Саюзнікі — французы, англічане — не адгукнуліся на заклік урада Саветаў. У такіх умовах Германіі і асабліва Аўстра-Венгрыі, якая галадае, выгадна падпісаць з намі мір. Так разважаў ён, былы камандзір роты, якога нечакана салдаты выбралі камандзірам палка. У такія высновы верыў яшчэ сёння раніцой, пакуль бачыў немцаў здалёк, праз бінокль. А цяпер з галавы не выходзілі... Не, нават не салдаты, якія сапраўды такі выцягваліся перад кожным унтэрам,— коні! Якія сытыя коні! І баявая пазіцыя батарэі на ўзгорку каля могілак; адтуль можна біць па станцыі і па маёнтку, па штабу, прамой наводкай.
Усхвалявала і другое: адсутнасць хаця б адзіночных салдат баявой аховы ў першай лініі акопаў яго палка ў той час, калі, як ён убачыў вопытным вокам, нямецкія акопы хораша абжытыя. А нашы занесены снегам. У тым месцы, да якога яны з Мірай падышлі, у акопах не было нават слядоў; да раніцы пры такой завеі іх зусім заб'е снегам, зраўняе з паверхнасцю поля. За такую злачынную бестурботнасць камандзіра роты варта аддаць пад суд. Але для гэтага трэба прагаласаваць у палкавым камітэце...
Цень суровай змрочнасці знік з твару Багуновіча, калі ён убачыў, што над бліндажом камандзіра роты ўзнімаецца празрысты дымок — у бліндажы паліцца печка. Безумоўна, салдаты там. Хто захоча ў такі холад быць у акопе? Ды і навошта людзей марозіць? Перамір'е. Аднак вартавыя павінны быць!
— Пайшлі ў бліндаж. Пагрэемся,— сказаў ён Міры і першы скочыў у акоп, працягнуў ёй руку. Тут, недалёка ад бліндажа, у акопе ўсё ж была пратаптана сцежка — адгаліненне ходу зносін вяло ў тыл — да другой лініі. Праўда, цяпер, у час перамір'я, можна хадзіць, не хаваючыся, але за гады акопнай вайны людзі звыкліся закапвацца ў зямлю, хадзіць па траншэях. Хіба не перажыў ён толькі што страх ад адчування, што нямецкія кулямёты нацэлены ў спіну яму і... Міры?
Багуновіч штурхнуў цяжкія, з негабляваных дошак дзверы бліндажа і прапусціў уперад Міру, у якой, яўна было відаць, і ў пальчатках не гнуліся закачанелыя пальцы ды і шчокі зноў пабялелі.
Яна прашмыгнула ў чорную дзірку дзвярэй, не нагнуўшыся — такі яе рост, Багуновічу ж прыйшлося нізка схіліць галаву і сагнуць спіну.
Змрок бліндажа асляпіў. Толькі праз шчыліны чыгуннай печкі прасвечваліся дзівосна чырвоныя, як жывыя, языкі полымя; полымя гудзела, білася ў «чыгуне», як хацела вырвацца на волю. У твар дыхнула жарам. Пасля холаду лёгкія знянацку схапілі гарачага паветра, і Міра закашлялася. Апусцілася перад печкай на калені, працягнула рукі да цяпла, не маючы сілы, мабыць, зняць пальчаткі, падсмаліла іх, запахла паленай шэрсцю.
Не адразу Багуновіч убачыў, адкуль, акрамя печкі, цэдзіцца яшчэ рэдзенькае цяпло,— у куце, на століку,— газнічка. Толькі як бы асэнсаваўшы гэтае святло, Багуновіч убачыў усё іншае. Хоць нічога іншага не было, сам ён не дзень, не два, а семсот, калі не ўсю тысячу дзён, пражыў у такім жа бліндажы. Нары збоку. Самаробны столік. Над столікам — партрэт Леніна, з газет. Але не на рэчах спыняўся яго позірк. Ён шукаў людзей. Дзе людзі? Нарэшце ўбачыў. Аднаго салдата. Пазнаў — унтэр-афіцэр Бураў, цяперашні камандзір узвода.
Бураў стаяў збоку ад печкі, каля сцяны, каля вешалкі, дзе вісела некалькі шынялёў: для вартавых меліся кажухі, у такую сцюжу ў расходзе былі кажухі.
Бураў, безумоўна, адразу пазнаў камандзіра палка. Стаяў навыцяжку, з добрай выпраўкай старога салдата, але неяк бокам, выставіўшы ўперад правае плячо.
— Дзень добры, таварыш камандзір,— павітаўся Багуновіч, бадай, па-цывільнаму, але з націскам на «таварыш» і па-беларуску, бо помніў, што Бураў з Магілёўшчыны.
— Здравія жа-ла-ю, ваша...— зусім разгубіўся салдат, хоць Багуновіч ведаў, што хто-хто, а Бураў не памыляўся, не звяртаўся «ваша благародзія» нават мінулым летам, пры Керанскім.
Што з ім?
Раптам Багуновіч убачыў, ад чаго разгубіўся унтэр. На гімнасцёрцы яго віселі тры георгіеўскія крыжы, поўным георгіеўскім кавалерам Бураў не паспеў стаць.
Багуновіч зразумеў, за якім заняткам захапілі яны нядаўна выбранага камандзіра ўзвода. Застаўшыся адзін, унтэр дастаў свае ўзнагароды і надзеў іх, любаваўся. Шкада, што ў бліндажы няма люстра.
Камандзір палка адразу ўявіў, як паводзіў сябе сам-насам салдат, што перажыў, і пасля таго, што ўбачыў у немцаў, гэта яго чамусьці моцна кранула, ўсё роўна як бы Бураў зрабіў яшчэ адзін геройскі ўчынак.